Немизанский В.Л.

Рогачёв Литературный

Русские стихи
Белорусские стихи
Детские стихи

РАЁННЫ ГОРАД

Гарадок ён і ёсць гарадок.
Ён - не горад, не вёска – паўгорада.
Кожны кожнага знае.
- Здарова, браток!
Нешта рэдка заходзіш. Горды...

Гарадок ён і ёсць гарадок.
Рэстаран.
Дом культуры.
Плошча.
Майскі вецер сцягі тут палошча,
Прыляцеўшы з далёкіх дарог.

Гарадок ён і ёсць гарадок.
Тут усё пачынаецца з р а я:
Ёсць р а й маг – можна ўзяць “на глыток”,
Ёсць р а й суд, што “глыткоўцаў” карае.

Гарадок ён і ёсць гарадок.
Але ты дакраніся не злёгку –
Пажыві ў ім хаця б гадок,
Паглядзі не староннім вокам.

Вокам знаўцы вясковых глыбінь –
Трактарыста і агранома –
Ты прыгледзься і палюбі
Гэту плошчу ля райвыканкома,

Друцm і Днепр, Цымерманаўскі сквер –
Сведку многіх сустрэч і расстанняў.
Пільным вокам прыгледзься. Павер –
Багацейшым душою ты станеш.

Гарадок ён і ёсць гарадок.
Невялічкі. На вокнах – герані...
Ты прымі гэты сціплы радок –
У любові прызнанне.


НАМ НЕ ДАЖЫЦЬ ДА ТЫХ ЧАСОЎ

Нам не дажыць да тых часоў,
Калі не ў горы і не ў скрусе
Жыць будзе люд на Беларусі.
Нам не дажыць да тых часоў.

Нам не дажыць да тых часоў,
Калі, як у скарынцы хлеба,
У вершы будзе нам патрэба.
Нам не дажыць да тых часоў.

Нам не дажыць да тых часоў,
Але калісьці, пры нагодзе,
І нас успомняць у народзе,
Нас, што жылі для тых часоў


ТУГА

Калі туга вужакаю абойме
І чорнаю сутанай абгарне.
Я дастаю тугі, нібы абойма,
Нерасстраляны пачак цыгарэт.

Як мае быць зацягнешся на славу –
І сум з вачэй, і на душы лягчэй.
І брацца час за спыненую справу,
І зорны час
наперадзе яшчэ.


Х Х Х

Я быў праўдзівы
З ворагамі і сябрамі
І калі ўдача,
І калі гора.
Вось толькі часам
Хлусіў я маме:
- Ты не хвалюйся.
Ў мяне ўсё добра.



* * *

На гэтай зямлі астрожнай
Крыўдзіцеляў і небарак
Паэту быць асцярожным
Не выпадае ніяк.


У ХХ СТАГОДДЗІ

“Мне хочацца
белага хлеба
з хрусткай скарынкай...”
Яго збілі таварышы па бараку.
Назаўтра
ён папрасіў
малака адтопленага крынку...
Як вар’ята,
Расстралялі яго, небараку.

А прасіў ён так мала...


МОЙ КРАЙ

Адкуль ты? – спытаюць.
Я з краю азёрнага,
Дзе шчупакі двухпудовыя б’юць.
Адкуль ты?
Я з краю,
Дзе высевы зорныя
Каханым да золку заснуць не даюць.

Адкуль ты?
Я з краю,
Дзе берка з бярозы
Мацней за жывое, што ў казках, вады,
Дзе ў маі ад сонца ільсняцца барозны
І шчасцю зязюля не злічыць гады.

Адкуль ты?
Я з краю,
Дзе песні спяваюць,
Дзе сцюжа – дык сцюжа,
Вясна – дык вясна.
Адкуль ты?
З якога цудоўнага краю?
Мой край
Белай Руссю завецца здаўна.

ГОЛАС ДЗІЦЯЦІ

Да лусты чорнага хлеба
Дадайце вады крынічнай,
І засень ад спёкі ліпнёўскай,

І позірк вачэй каханай -
І гэта не будзе шчасцем.

Патрэбны для поўнага шчасця
Голас дзіцяці.


      

Русские стихи
Белорусские стихи
Детские стихи

            

ДУБ

Нялёгкія буры пагнулі
І ў часе вайны, і пасля.
У целе асколкі і кулі
Карой зараслі спакваля.

А ноччу або на дасвецці
Ён стогне, і не разабраць,
Ці дрэва разгойдвае вецер,
Ці раны старыя баляць.


БАЛАДА АБ ПОМНІКАХ

У замеценых снегам
Гранітных пагонах
Нерухома на варце
Салдаты стаяць.
Ім прайгралі пабудку
Ваенныя горны,
А адбой ім гарністы
Забылі прайграць.

Толькі ў летнюю поўнач
Дзевятага мая,
У незабыўную ноч
Заканчэння вайны
Развадзяшчы з пастоў
Іх бязгучна здымае,
І салдаты ідуць
У сыноўнія сны.


* * *

Жонка зноў рамантуе
Лахманочкі мае.
Рамантуе, лютуе:
Лёсу Бог не дае.

Ну, а даў бы Бог шчасце –
Цэлы мех дапаўна, -
Што рабіць ёй з багаццем,
І не знала б яна.


ЯНА ЖЫЛА Ў ПАРЫЖЫ

Увесь свой век яна жыла ў Парыжы –
Глядзелася ў люстэрка ціхай Сены,
Увечары гуляла па Манмартры,
На пляц-Пігаль заглядвала крадком,
Заходзіла ў кнігарні букіністаў
Або ў “Ратонду”
ці ў славутым Луўры
Стаяла прад загадкавай “Джакондай”,
Пасля ішла маліцца ў свой касцёл.

Усё жыццё яна жыла Парыжам,
Вясковая настаўніца з Залесся,
Звычайная настаўніца з Залесся,
Якая і ў Адэсе не была.
Не да Адэс, калі дзяцей чацвёра,
Старая матка, сшыткі, муж пітушчы...
Хапала справы і ў двары, і ў школе –
Круцілася вавёркаю штодня.

Яна перажыла сівую матку.
Муж – на кладах за вёскаю. А дзеткі
За шчасцем у сталіцу паляцелі.
І засталася тут як ёсць адна.
Здаралася, яе былыя вучні
Праведвалі наездам. І суседкі –
Сяброўкі яе даўняй маладосці –
Дзяліліся вясковай навіной.

Яна ж усё слабела год ад году
І доўгімі зімовымі начамі
Вышуквала цікавыя старонкі
У жыццейку сваім. Іх не было.
У поўнай адзіноце памірала
У хаце са счарнелымі бярвёнамі
Вялікая пакутніца з Залесся,
І мроіўся Парыж ёй за акном.

Філосаф сельсавецкага маштабу
Аздобіў надмагільны белы камень
46
Каштана надламанаю галінкай,
Пасля жанчыны выбіў там абрыс,
На фоне Трыумфальнай выбіў аркі
І – наўскасяк – дадаў такія словы:
“Увесь свой век яна жыла ў Залессі,
А памірала з думкай пра Парыж”.


ШЧАСЦЕ

Шчасце – гэта ж
устаць да дня,
Да знямогі
напрацавацца
І пасля
адпачыць ад працы
У тваіх даланях.


ПРЫХОДЗЬЦЕ ДА МЯНЕ

Прыходзьце да мяне
Добрымі
З размовамі да ранку
Доўгімі,
Вясёлымі ці зласлівымі,
Пахмурнымі ці шчаслівымі,
З усмешкамі, з енкамі-плакамі –
Тут кожнаму знойдзецца хлеб
І да хлеба.
Я толькі прашу:
Абыякавымі
Ка мне не прыходзьце,
Не трэба.

СПАЧУВАННЕ

Спачуванне – не спачыванне
Ад уласнага,
што ні кажы,
Спачуванне – заўжды прарыванне
Да суседняй
знямоглай душы.



Страница автора


Используются технологии uCoz